Радавод Янкі Купалы


         

Род Луцэвічаў бярэ пачатак са Станіслава, што жыў у 17 ст. і валодаў маёнткам Кукялёўшчына і вёскамі Слабодка і Цярпілаўка, якія раздзяліў паміж сваімі сынамі. Род Луцэвічаў паходзіў з дробнай шляхты, зямельная ўласнасць якой, у выніку бясконцай дзяльбы паміж спадчыннікамі, з году ў год памяншалася. У 1692 г. была абвешчана прывілея князя Радзівіла на засценак Лазараўшчына (Пяскі або Луцэвічы) «земянам» Яну, Базылю і Яну Луцэвічам, сынам Станіслава. Лазараўшчына была падаравана Луцэвічам па чыншавым (чынш – гіст. – грашовы аброк) праве, значыць, па сутнасці, яна зусім не была іх прыватнай уласнасцю, хоць за службу ў Радзівілаў яны былі вызвалены ад платы чыншу (служылі дазорцамі засценкаў Святы Двор, сачылі за зборам чыншу, разбіралі спрэчныя пытанні паміж засцянкоўцамі). У 1831 г. выйшаў Указ, паводле якога ўся шляхта, якая не магла даказаць сапраўднасць свайго шляхецкага паходжання, пераймяноўвалася ў саслоўе мяшчан або аднадворцаў. Праверка дакументаў зацягнулася на дзясяткі гадоў. Кожная справа пераглядалася па некалькі разоў і заблытвалася ўсё больш. Дзедам Янкі Купалы Ануфрыем напісана больш за паўсотню розных заяў, тлумачэнняў, кожная з якіх каштавала грошай і многа клопатаў. У 1864 г. Луцэвічы былі залічаны ў склад мяшчан г. Мінска. У гэты час землі маёнтка Святы Двор з усімі фальваркамі і засценкамі пераходзяць ва ўладанне да князя Льва Вітгенштэйна. Пасады засцянковых дазорцаў скасоўваюцца. Адбываецца праверка юрыдычных дакументаў на права карыстання зямлёй, рэвізія старых дагавораў, новая дакладная інвентарызацыя і размежаванне зямельных валоданняў. Буйныя землеўладальнікі зганялі са сваёй зямлі дробную шляхту, калі яна не магла юрыдычна абрунтаваць сваё права на ўчастак, якім карысталася, ці не згаджалася плаціць арэнду на новых умовах. Судовая цяганіна Ануфрыя Луцэвіча з князем Вітгенштэйнам скончылася перамогай апошняга. Луцэвічы, якія больш як паўтараста гадоў жылі ў Лазараўшчыне, якія «кожны каменьчык на полі і кожны кусцік на сенажаці змалку ўжо зналі як свае пяць пальцаў на руцэ», вымушаны былі шукаць іншы прытулак. Пасля выгнання з Лазараўшчыны Луцэвічы бяруць спачатку ў арэнду фальварак Камень, потым пераязджаюць у фальварак Рагавічы, дзе ў 1879 г. Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч ажаніўся і, аддзяліўшыся ад сям’і, пайшоў служыць да памешчыка Здзякоўскага ў Паморшчыну. У 1881 г. ён перабіраецца ў фальварак Вязынка да сваіх братоў Адама і Міхаіла, якія арандавалі ў гэты час зямлю ў памешчыка Станіслава Замдржыскага. Тут 7 ліпеня 1882 г. нарадзіўся першы сын Дамініка – Янка.

Комментариев нет:

Отправить комментарий