Міфы пра духаў

Дамавік (Хатнік, Гаспадар, Падпечнік) — у славянскіх народаў хатні дух, міфалагічны гаспадар і заступнік хаты, які забяспечвае нармальнае жыццё сям'і, здароўе людзей і жывёл, урадлівасць. Дамавікі — добрыя беларускія міфічныя персанажы, якія жывуць у хаце. Дамавік — добры міфалагічны хатні дух. У кожнага Дамавіка ёсць Дамавуха. Як людзі, яны заўсёды жывуць разам. Дамавікі падобныя на маленькіх чалавечкаў, але яны ніколі не паказваюцца людзям на вочы. Дамавікі часта падобныя на гаспадароў хаты. Дамавікі, як і людзі, ядуць, п'юць, радуюцца і засмучаюцца, нараджаюцца і паміраюць.


На працягу года было некалькі дзён, калі дамавіку неабходна было, каб гаспадары выказалі свае адносіны да яго. Часцей за ўсё гэта былі гасцінцы — кілішак віна, луста хлеба, кавалак сала і што-небудзь з салодкага. Іх пакідалі на стале на ноч, каб дамавік пачаставаўся. Казалі, што апоўначы дамавік абавязкова выйдзе са свайго патаемнага месца і прыме ежу. І тады раніцай можна будзе заўважыць сляды яго сняданка і адчуць, як зменіцца атмасфера ў хаце.

Пакідаючы ежу дамавіку, абавязкова прыгаворвалі прыблізна так: «Гаспадар-бацюхна, захавай маю хацінку і маю скацінку»; «Гаспадарушка, бацюхна, хлеб-соль прымі, скацінку вадзі»; «Дамавішка-дзядуля, усіх паі, кармі авечушак, наладжвай лад, глядзі гладка і сцялі мякка».

Дамавікі ахоўваюць дом, клапоцяцца аб хатняй утульнасці і ачагу. Дамавікі маюць свой характар ​​і могуць караць крыклівых і неакуратных гаспадароў дома (напрыклад, могуць пераносіць і хаваць рэчы, каб гаспадары адцягнуліся ад сварак і пачалі іх шукаць). Калі будуюць новы дом, каб задобрыць дамавіка, пад куты насыпаюць жыта. Калі гаспадыня забывала пакінуць дамавіку прысмакі, той мог пакрыўдзіцца і перастаць дапамагаць гаспадарам хаты, і тады ўсё пойдзе наперакос: знікне жаданне працаваць, пахіснецца гаспадарка, апануюць хваробы і нястачы.

Нашымі продкамі дамавік звычайна ўспрымаўся як ашчадны, клапатлівы гаспадар, які ва ўсім дапамагае працаздольнай і дружнай сям'і. Тых, хто дрэнна вёў гаспадарку, не клапаціўся аб чысціні і парадку, ленаваўся, ён пужаў, па-свойму шкодзіў, імкнуўся чамусьці навучыць гаспадароў такім чынам. Пры пераездзе ў новую хату дамавіка запрашалі з сабой: «Дамавік, дамавік, не заставайся тут, а ідзі з нашай сям'ёй».

Дамавік, які жыў у згодзе з гаспадарамі, абавязкова папярэджваў аб надыходзячай бядзе ці нястачы. Той, хто пачуе гэтыя перасцярогі, здолее перамагчы непрыемныя падзеі.

Вадзянік (вадзяны дзед) — у старадаўніх павер'ях многіх народаў уладар пэўнага вадаёма і жывых істот у іх. Вадзяніка звычайна ўяўлялі старога з зялёнай барадой, доўгімі валасамі, расплывістым тварам, укрытага водарасцямі і цінай. Лічылі, што вадзянік жыве ў вірах рэк, асабліва каля млыноў (такі зваўся «вірнік»), на дне азёр, крыніц, глыбокіх калодзежаў («ціхоня»).

Вадзянікоў параўнальна няшмат — па адным на кожны вадаём. Яны не могуць перасоўвацца цераз сушу, здараецца, што два вадзянікі — рачны і калодзежны, што жывуць побач ведаюць адзін аднаго толькі па голасе, ніколі не бачацца. Яны не могуць вытрымаць і ўласцівасцей чужой вады. Людзі карысталіся гэтым для вываду нячысцікаў, калі злучалі каналам два вадаёмы, адначасова знішчаючы абодвух вадзянікоў. Вадзяніку прыпісвалі рух і памутненне вады, пару над ёй, разлівы рэк, псаванне рыбалоўных прылад, разбурэнне плацін, млыноў, гібель жывёл і людзей у вадзе. У ноч на Купалле вадзянікі выплываюць з глыбінь і накіроўваюцца да млыноў, дурэючы там, круцяць колы, адкрываюць шлюзы. Перамолатая ў гэтую ноч мука мае незвычайныя ўласцівасці: хлеб з яе, асвечаны ў царкве, на працягу года захоўвае такую сілу, што той, хто з'есць яго, не можа патануць.

Лясун, Лесавік, Лешы (Лясны дзед) — гаспадар лесу. Абсяг дзейнасці Лесуна – уся лясная плошча ад узлеску да ўзлеску, за выключэннем вадаёмаў, дзе аспадарыць Вадзянік. У глыбіні гэтай тэрыторыі знаходзіцца дом Лесавіка, дзе жывуць яго жонкі і дзеці. Сам жа ён дома не сядзіць – больш вандруе, адпачывае і начуе ў выпадковых мясцінах: на вершалінах высокіх дрэў, у дуплах, густых зарасніках, у ламаччы, бураломах, у лагчынах і прадоннях. Хаця Лясун здольны прымаць розныя воблікі, ператварацца ў любыя прадметы свайго абсягу, але часцей за ўсё паўстае ў вобразе старога з белым, як бяроста ці як воск, ніколі не загарэлым тварам, з вялізнымі цьмянымі вачыма свінцова-сіняга колеру, якія нерухомыя і ніколі не закрываюцца. У асноўным Лесавік мае чалавечы воблік, але ён вострагаловы, як і ўсе нячысцікі, і з блакітнай крывёю, не мае ценю і не пакідае слядоў. Лясун здольны перадаваць галасы жыхароў свайго краю – ад мядзведжага рыку да піску камара.

Лесуна можна падмануць, калі назавеш пры ўваходзе ў лес няправільны кірунак мяркуемага шляху ці апрануць на ўзлеску адзенне навыварат. Калі гэта не зроблена – Лясун адразу падступаецца да ахвяры і зласліва цешыцца з яе пакут, збіўшы з належнага кірунку. Ён прымушае чалавека кружыць па лесе некалькі гадзін, праходзіць па адным і тым жа месцы некалькі разоў, заводзіць у глыбіню лесу, у самы гушчар; калі ж ахвяра страціць надзею, даходзіць да адчаю, Лясун злосна рагоча, і яго рогат разносіцца па акрузе. Часам па пяпярэдняй дамоўленасці з Вадзяніком ці Балотнікам ён прыводзіць сваю ахвяру да іх, нягледзячы, што іншым разам Лешыя і Вадзянікі – непрымірымыя ворагі.

Лічыцца, што Лесавік не столькі шкодзіць людзям, колькі жартуе з іх, але жартуе груба і злосна. Па яго волі блукаюць у лесе, але Лесавік усё ж не завядзе чалавека на прамую пагібель.

У полі водзіцца Палявік. У яго ёсць жонка — Паляха. Палявікі - радня Хатнікам. Беларусы звяртаюцца да Палевіка з просьбамі пра ўраджай.

Тэрыторыя існавання Палявіка — палі і лугі (з усімі пагоркамі, нізінамі і ярамі, што мяжуюць з палямi) адной або некалькіх сумежных вёсак, не раздзеленых адна ад аднае ні лесам, ні вадою. Палявік можа жыць на горцы, у доле, у канаве. Таксама можа туліцца ля каменя ці ля палявога дрэва, куста, межавага слупа. У час разводазя ці пры моцных дажджах ён уцякае ад вады на вышэйшыя мясціны, таму што цярпець не можа макрэчы.

Найгорш жывецца Палевікам вясною і восенню, калі слата і макрэча: якім бы вялікім ні было іх жаданне шкодзіць чалавеку і яго дабру, яны не могуць расстацца з утульным сухім месцам, не могуць мясіць нагамі бруд і гразь. Але тут нярэдка сам чалавек даецца ім у рукі, калі прыходзіць адпачыць на сухадоліну. Каб утрымаць чалавека, Палевікі лашчаць і закалыхваюць яго зацішкам, сонечным цяплом, пакуль у яго не пачнуцца дрыжыкі, якія нярэдка пераходзяць у хваравітую ліхаманку.

Палевікі гасцююць адзін у аднаго, дапамагаюць мучыць знойдзеную ахвяру, па-сяброўску пераклікаюцца, асабліва начною парою, калі стаіць добрае надвор'е. Зімою Палевікі сыходзяцца на забавы. Любімая з іх — знішчэнне дарожных вешак, зацярушванне дарогі, занос снегам канаваў і калдобін, каб туды трапіў прахожы ці праезджы, які збіўся з дарогі. Палевікі доўга водзяць яго ўзад і ўперад, пакуль той не замерзне.

Палявік разбурае загародкі, вешкі, заваблівае скаціну ў шкоду выглядам хлебных і лугавых раслін. Toe ж робіць Палявік, калі заманьвае дзяцей і моладзь у кветкі для гульняў і зборышчаў. Учыняе ён і прамую шкоду: прыгінае да зямлі збожжа і траву, скручвае расліны, адхіляе дождж, насылае шкодных насякомых, водзіць да знямогі дзяцей, што заблудзіліся. Мучыць жывёлу на пашы, як і людзей за работаю, аваднямі, сляпнямі, камарамі.

Не пашкадуе Палявік і сталага чалавека, калі той засне на кучы камянёў ці палявых каранёў, якія збіраюць пасля баранавання, у бруднай канаве ці мокрай лагчыне. Усіх наведвальнікаў палёў і лугоў Палявік насцярожвае перадражніваннем, свістам. Ён прымае выгляд пачварнага ценю, то гоніцца за чалавекам, то аддаляецца ад яго, заманьваючы ахвяру. Варта толькі паддацца на прынаду Палевіка, і чалавек пацерпіць за сваю даверлівасць. Палявік раптам можа забіць чалавека на месцы.

Але часам Палявік клапоціцца пра ўраджайнасць палёў, пра ўкосныя сенажаці, выганяе адсюль шкоднікаў, раўняе сцябліны і лісты раслін, але гэта робіцца дзеля таго, каб прывабіць сюды як мага болей людзей, між якіх ён, несумненна, знойдзе ахвяру. Здараецца, што ён гоніць непажаданых, тых, хто зайшоў у яго ўладанні дзеля ўласнага спакою.

Палявік вартуе палявыя скарбы, якія не выдае чалавеку ні пры якіх умовах. Ён неміласэрна помсціць таму, хто выпадкова знаходзіць скарб. Ведаючы гэта, шукальнікі скарбаў не звяртаюцца да Палевіка, а калі зробяцца ўладальнікамі палявога скарбу, стараюцца не трапляць у мясціны, дзе жыве Палявік.

Вядома, што гэтыя асцярожныя Духі хутчэй за іншых адчуваюць набліжэнне навальніцы і ўмеюць хавацца ад Перуновых стрэлаў. Да того ж і сама тэрыторыя Палевікоў, калі там няма высокіх дрэў, якія растуць паасобку, рэдка прымае ўдары грому.

Ад Палявікоў людзі церпяць параўнальна менш, чым ад астатніх Духаў, і таму часам нават шануюць іх. Калі на полі, як жнуць, застаецца вада або квас, то іх выліваюць на мяжу або на дарогу — на гасцінец Палевіку, каб ён не псаваў збожжа.

Ваўкалак — чалавек, ператвораны ў ваўка, пярэварацень. Паводле ўяўленняў беларусаў ператварэнне можа адбыцца як па ўласнай волі з пэўнымі эгаістычнымі мэтамі чалавека-чараўніка, так і па яго чарах, скіраваных на аднаго чалавека або групу людзей. Чалавек можа трапіць выпадкова на закляцце, нават уласнае, і стаць ваўкалакам. Ператварэнне па ўласнай волі адбываецца шляхам перакульвання праз уторкнутыя вастрыём уверх у зямлю нажы. Гэтай жа мэце можа паслужыць асінавы пень, які, ссекшы дрэва, не перахрысцілі. Вярнуць чалавечы выгляд можна было толькі адкуліўшыся назад праз тыя ж нажы. Калі парадак прадметаў будзе парушаны ці будуць кімсьці забраныя самі прадметы, то адчараванне становіцца немагчымым. Таму лічылася, што працэдура пераварочвання ў ваўкалакаў павінна адбывацца ў глухім месцы без сведкаў.

Існавала перакананне, што моцны чараўнік можа ператварыць у ваўкалакаў цэлае вяселле, калі ў ім сабрана 12 асоб. Тады чараўнік перакіне праз іх гарошыну, узятую са струка з 12 зернямі, прамовіць таемнае закляцце, і людзі пабягуць ваўкамі. Ператварыць вяселле ў ваўкалакаў чараўнік можа і з дапамогай заклятай ніткі, працягнутай праз дарогу, хамута ды інш. Выпадкам можна трапіць на заклятае месца. Так, чалавек, пачаўшы будаваць хлеў, секануў тры разы па парозе і прамовіў (закляў): «Хто пераступіць гэтае месца, той скінецца ваўком на ўсё жыццё!», маючы на ўвазе злодзея, рабаўніка. Аднак, забыўшыся, сам ступіў на тое месца і стаў ваўкалакам, прытым на ўсё жыццё.

Паводзіны ваўкалака вельмі адрозніваюцца ад паводзінаў звычайных ваўкоў: яны жаласна выюць, нібы плачуць ці стогнуць, выюць на ўсход сонца ці ў напрамку сваіх вёсак — гэта іх малітва, яны робяць сабе ўзгалоўі, раніцай мыюцца, водзячы мордамі па роснай траве, вясной капаюцца ў раллі — нібы аруць. Ваўкалакі трымаюцца бліжэй да жытла людзей, не баяцца іх, калі тыя маюць пры сабе толькі палкі, і могуць цярпець іх удары. Не ядуць звычайную ежу ваўкоў — сырое мяса, падлу, нячыстых жывёл, нават галадаючы, а падбіраюць рэшткі людской ежы, косткі, выкінутыя кавалкі скураной вупражы і інш. Ваўкалак можа загінуць ад кулі паляўнічага, тады на ім могуць выявіцца рэшткі вопраткі, крыжык, пярсцёнак ці іншыя знакі яго чалавечай прыроды. Ваўкалакі захоўваюць здольнасць думаць і перажываць па-людску, яны пакутуюць. Калі мінаецца тэрмін чараў, Ваўкалак становіцца чалавекам.

Лічылася, што ваўкалаку можна дапамагчы хутчэй стаць зноў чалавекам. Дзеля гэтага трэба кінуць на яго пояс, накрыць абрусам, на якім асвячалі велікодную ежу, кінуць на яго сваю скінутую і разадраную адным узмахам кашулю, парваць ільняную нітку, пад якой ваўкалак прабег, і інш. Калі ўдзельнікі вяселля сталі ваўкалакамі, то ім трэба зайграць на скрыпцы вясельныя песні, пры гэтым угаворваць: «Ці ня досыць вам хадзіць, людзей смяшыць, сабак дражніць? Ідзіце лепей дамоў!» Як толькі музыка зайграе песню, што ігралі ў момант іх зачаравання, ваўкалакі радасна крычаць і становяцца людзьмі.

Дзеці, народжаныя ў ваўкалацтве, таксама ваўкалакі аж да ператварэння ў людзей іх бацькоў. Але нават ахрышчаныя, яны маюць адмоўныя рысы, акрамя выпадкаў, калі іх ахрысціў святар, які сам пабываў у ваўкалаках.

Стаўленне да ваўкалакаў у народзе было дваістым, аднак пераважае ўсё ж спачуванне, жаданне дапамагчы вярнуць ранейшы выгляд.

Баба Яга сустракаецца ў многіх міфах. Гэта злая чараўніца, гаспадыня ўсіх ведзьмаў, страшная, чорная, раскудлачаная, заўсёды вымагала чалавечых ахвераванняў. 

Дапамагалі ёй аднавокае Ліха, страхалюдны Карачун, усім вядомы яшчэ з ранняга дзяцінства Кашчэй і заўсёдныя спадарожніцы Бабы Ягі - ліхаманкі. Гэтых сясцёр ліхаманак было дванаццаць, вечна галоднах, агідных, кашчавых, злосных. Бязлітасныя ліхаманкі шукалі прытулку і спажывы ў чалавечых хатах, прыносілі хваробу. Няшчасны быў той, хто трапляў у іх кіпцюры. Кожная з сясцёр па свойму даймала чалавека: Трасея трэсла, Агнея паліла жарам, наганяла высокую тэмпературу, Гняцея гняла и адбірала спакой і радасць жыцця, Лядзея марозіла і калаціла ад холаду, Ламея ламала ўсе косці, Грудзея ўскоквала ў грудзі, выклікаючы кашаль, Глухея закладвала вушы. Самая страшная з сясцёр – Навея. Калі ўжо яна ўваб’ецца ў чалавека – ён не мог разлічваць ні на які паратунак, мусіў пакідаць гэты свет, развітвацца з жыццём.

2 комментария: