Міфы пра багоў


Белбог

Прабога, бацьку Багоў, Беларусы звалі Белбогам,Сварогам, Святавітам або Белуном. Белбог зрабіў сабе Неба, а людзям — Зямлю і ўсё, што на ёй. Ён жа гаспадар Выраю.

Людзям ён з’яўляўся ў вобразе гожага сівога дзеда з доўгай белай барадою, апрануты ў белае адзенне і заўсёды з кіем у руках. Напачатку Бог сам прыходзіў да людзей на Зямлю. Ён навучаў іх, як жыць на свеце, як працаваць ды здабываць кавалак хлеба.

Справядлівы, нікому не спускаў, ніколі не дараваў ён ліхому. Каб захацеў — усіх Нядобрых Духаў звёў бы са свету. Але не рабіў гэтага, каб на людзей быў страх, а то яны б і Бога забылі. Часам ліхое і Бога перамагае, але гэта толькі на час, каб потым паказаць, што мацней за Белбога няма нікога.

Часам Белбог сыходзіў на Зямлю. Паказваўся ён толькі ўдзень, пры сонечным святле, і калі сустракаў у дрымучым лесе вандроўніка, які заблукаў, выводзіў яго на вялікую дарогу. У час жніва ён любіў з’яўляцца на нівах і нават дапамагаў жнеям. Любіў Бялун і пажартаваць, але заўсёды па-добраму, і рабіў багатыя падарункі, мог раптоўна з’явіцца ў жыце з вялікім мехам на носе. Высачыўшы добрага работніка ці работніцу, клікаў да сябе рукою і прасіў уцерці яму нос. Як толькі чалавек дакранаўся да носа, з меха раптам сыпалася золата, i Бог знікаў. Пра такога шчасліўца Беларусы казалі, што ён пасябраваў з Белуном.
У Белбога былі тры сыны: Пярун, Ярыла і Дажбог.


Пярун

Пярун быў захавальнікам Нябеснага Агню. Велічны, статны, высокага росту, з чорнымі валасамі і доўгай залатой барадою, седзячы на грамавых жорнах, якія неслі Гарцукі, ён раз’язджаў па Небе. Стрэламі-маланкамі, пушчанымі са свайго лука-вясёлкі, ён забіваў памагатых Чарнабога, якія нагрувашчвалі велізарныя хмары, каб закрыць Сонца, сарваць Месяц, сабраць у хмары пітво жыцця — Ваду. Ударамі каменнага молата Пярун разбіваў хмары, і апладняльная вада лілася на Зямлю.

Свае ўдары Пярун скіроўваў часцей за ўсё на горы, дзе звычайна збіралася процьма Нядобрых Духаў. Яны ведалі, што Пярун любіць чалавека і беражэ яго, таму кідаліся ў жытло людзей, каб там схавацца. Тады Пярун знішчаў i жытло чалавека. Калі здаралася, што страла трапляла ў чалавека, Бог узнагароджваў яго за тое ў будучым жыцці — душа забітага Перуном адразу ішла ў Вырай.

У Перуна была жонка — Багіня лета, якую звалі Цётка-Грамаўніца. Прыгожая, мажная, яна з’яўлялася Беларусам на полі. Галава яе прыбрана спелымі каласамі, у руках — спелыя плады.

Служылі Перуну духі — памагатыя Бога — Гарцукі. У вольны час яны жылі ў вялікіх гарах. У поўдзень Гарцукі стралою насіліся на конях па палях i лясах. Ноччу, калі наступаў час Чарнабога і яго памагатых, Гарцукі ў выглядзе розных драпежных птушак лёталі ў паветры, выконваючы даручэнні Перуна. Былі яны магутнымі духамі, здольнымі ўтвараць вятры, буры, віхуры і іншыя разбуральныя з’явы прыроды.


Ярыла

Другі сын Сварога. З'яўляецца богам урадлівасці, кахання і апекуном дзікай жывёлы. Гэта малады прыгожы юнак. Ён раз'язджае па зямлі на белым кані і ў белым плашчы. На галаве ў яго вянок з веснавых кветак, у руках каласы, ногі босыя. Адным з веснавых дзён Ярыла з дазволу Багоў адмыкае нябесную браму і на белым кані па сонечным промні з'язджае на зямлю, каб адчыніць яе.


Ярыла едзе па засеяных нівах. Яго сустракаюць усе жыхары паселішчаў. У людзей на галовах вянкі з кветак. Старыя кіруюць карагодам, які спявае песні ў гонар Бога.

3 Ярылавага дня пачынаецца сапраўдная вясна. У гэты ж дзень упершыню выганяюць скаціну ў поле. Ярыла сам ездзіць на белым кані і ахоўвае жывёлу.
Часам можна бачыць, што паблізу статка бегае воўк, але не чапае скаціны, хоць побач няма пастуха. Гэта нябачны Ярыла ездзіць на ваўку і ахоўвае статак.
Беларусы ўшаноўваюць Ярылу на працягу красавіка. Шанаванне суправаджаецца карагодамі, песням! ў яго гонар, баляваннямі.

Як Ярыла забіў Змея, то Белбог паклікаў яго ды і кажа:
— Калі ты такі асілак, што перамог гэтую страшэнную пачвару, дык я цябе прызначаю гаспадаром над ваўкамі. Супакой іх, бо яны сталі дужа свавольныя і людзі пачалі наракаць.

Ярыла як узяўся за справу, дык ураз угаманіў ваўкоў і паказаў ім іхняе стойла. Ваўкі вельмі баяцца Ярылы, слухаюць яго і душаць толькі таго звера, якога ён ім пакажа. Калі б ён не стрымліваў іх, то ўжо даўно б ніякай свойскай жывёлы не засталося.

Да Ярылавага дня нельга вадзіць коней на начлег, бо ў ваўкоў няма яшчэ гаспадара — Ярылы, і яны псуюць шмат коней. У адпаведную ноч Ярыла збірае звяроў у адно месца і размяркоўвае, куды катораму ісці на лета жыць. Ён замыкае пашчы ваўкам, і тыя перастаюць нападаць на скаціну ці значна змяншаюць колькасць сваіх знішчальных набегаў. Ярыла назірае, каб яны не чапалі скаціну, якая ім не прызначаная. Калі Ярыла хоча пакараць людзей ды папсаваць хатнюю жывёлу, ён сам насылае ваўкоў.

Позняй восенню Ярыла адмыкае пашчы ваўкам. 3 гэтага дня крыважэрныя ваўкі пачынаюць хадзіць зграямі і нападаць на скаціну.

Памагаюць Ярылу наглядаць за звярамі, што жывуць у лесе, Лесавікі са сваім Гаспадаром.


Дажбог

Дажбог – бог сонца, сярэдні сын Сварога. Уяўляўся як жыватворная, дабратворная істота, якая дае цяпло, спрыяе ўрадлівасці палёў, дабрабыту людзей. Гэта прыгожы, светлавалосы, моцны дзяцюк. Дажбог — апякун і настаўнік земляробаў. Беларусы — яго ўнукі. Дажбог дае людзям фізічную сілу, здароўе, майстэрства.

Дажбог захоўвае зямныя ключы. Ён замыкае на зіму зямлю, а потым аддае ключы птушкам, якія адносяць іх у Вырай. Вясной птушкі вяртаюць ключы, і Дажбог адмыкае імі зямлю.

Паведачом Дажбога з'яўляецца Багіня ранішняга святла — Дзянніца. Яна раніцой аблётвае зямлю, каб паведаміць усяму жывому пра пачатак дня і даць людзям сілы для працы.


Жыжаль

Падземным агнём распараджаецца Бог Жыжаль, якога беларусы завуць яшчэ Жыж. Жыжаль толькі тое і робіць, што расхаджвае пад зямлёю і выпускав з сябе агонь. Калі ён ходзіць паціху, то агонь невялікі і сагравае зямлю. Калі ж хутка, то выпраменьвае вялікі агонь, і частка полымя прарываецца на паверхню зямлі. Ад гэтага загараюцца лясы, балоты, лугі. Пажары выпальваюць сенажаці, хлеб на палях. Зямля ад перагрэву высушваецца, ад чаго агароды і палі робяцца бясплоднымі.


Зюзя

Зімою на зямлі Беларусі пануе Зюзя — Бог зімы. Гэта стары з белымі як снег валасамі на галаве і такой жа белай даўжэзнай барадой. Ён нізенькага росту, тоўсты. Апрануты ў белую цёплую вопратку, але увесь час ходзіць босы і з непакрытай галавой. Зюзя заўсёды носіць з сабой железную булаву.

Большую частку зімы Зюзя праводзіць у лесе. Часам ён заходзіць да людзей у вёскі. Прычыны для гэтага розныя: папярэдзіць сялян, што будзе жорсткая, суровая зіма на будучы год; дапамагчы нечым беднай сялянскай сям'і, а то проста дзеля таго, каб паесці куцці. Беларусы гавораць пра Зюзю з асаблівай павагай: Зюзя на дварэ — куцця на стале. Каб задобрыць Зюзю, беларусы напярэдадні Новага года, гатуючы, як звычайна, куццю, адкладваюць частку яе ў асобную талерку ці міску і пакідаюць на ноч на асобным стале, каб ён пачаставаўся.

Раззлаваўшыся на людзей, Зюзя звычайна стукае сваёю булавой у які-небудзь пень. Ад гэтага магутнага удару трасецца зямля, а часам і дамы трэскаюцца. Калі некаму з людзей здаралася быць у лесе ў гэты час і запытаць: «Хто гэта там стукае?», то ён чуў у адказ: «Сам Зюзя стукае, людзей ушчувае».
Калі ідзе снег — гэта значыць, Бог загадаў свайму памагатаму Марозу паслаць пярыну на полі, каб жыта не памерзла. Сцеле Мароз і дарожку, каб людзям добра было вазіць сена з балота. Калі б Бог не даваў снегу, то на Зямлі вымерзлі б усе расліны ды і сама Зямля так прамерзла, што не растала б і за лета.


Кляскун

Бог месяца Кляскун — прыгожы, вясёлы і разумны юнак, але вялікі жартаўнік. Ён любіць забаўляцца, палохаючы людзей, асабліва ўначы.

У таго, хто едзе ці ідзе ноччу, ёсць звычайна свае прыкметы, каб не заблукаць у цемры. Кляскун пацяшаецца тым, што перастаўляе гэтыя знакі з аднаго месца на другое. Дзе на перакрыжаванні дарог стаяў магутны дуб, там праезджы раптам бачыць невялікі куст. Вось тут была палянка, бач — а ўжо невялікае возера і дарогі няма. Такімі жартамі ён збівае людзей з дарогі, прымушае блукаць, даводзіць да роспачы і тады рагоча, як шалёны.

Часам Кляскун прыкідваецца добрым знаёмым падарожніка, заводзіць з ім размову і просіць трошкі падвезці. Чалавек згаджаецца. Толькі праедуць яны крыху разам, раптам сані ці калёсы пераварочваюцца ў раўчук, а спадарожнік знікае і толькі дзесьці ўдалечыні чуваць яго свіст і рогат.

Здараецца і так, што праезджы чуе збоку енк, які разрывае душу, ці плач дзіцяці, ці бачыць перад сабою раку. Вопытны беларус ведае, што гэта азначае. Яго не разжаляць гэтыя стогны і плач, не спалохаецца ён і ракі: не прыпыняючыся і не зварочваючы ўбок, працягвае чалавек свой шлях. Гора таму, хто паверыць і прыме за сапраўднае хітрыкі Кляскуна. Ён трапіць у такую багну, што толькі ўдзень, пры дапамозе людзей, вызваліцца з яе.


Ляля

Вясна пачыналася з прыходам на зямлю Багіні вясны — Лялі. Гэта маладзенькая, прыгожая, высокая дзяўчына. Шанаванне яе беларусамі адбывалася напярэдадні Ярылавага дня.

Звычайна сустракаюць Лялю папаўдні на чыстым лузе. Яна з'яўляецца да людзей у белым адзенні. Дзяўчаты перавязваюць ёй шыю, рукі і стан рознай зелянінаю. На галаву ўскладаюць вянок з веснавых кветак. Потым Лялю саджаюць на дзярновую лаву, на якой з аднаго боку стаіць гладыш з малаком, ляжаць сыр, масла, яйкі, смятана і тварог, а з другога — хлеб. Каля ног Лялі кладуць вянкі з зеляніны адпаведна колькасці дзяўчат. Затым, узяўшыся за рукі, дзяўчаты скачуць вакол Лялі ў карагодзе і спяваюць у гонар яе песню, якая завяршаецца наступнаю просьбаю да Багіні:

Дай нам жытца ды пшаніцы,
Ляля, Ляля, наша Ляля!
У агародзе — сенажаць,
Ляля, Ляля, наша Ляля!
Поўны грады, поўны грады.
Ляля, Ляля, наша Ляля!

Скончыўшы танцаваць і спяваць песню, карагод сядае ля ног Лялі. Яна раздае ўсім дзяўчатам-карагодніцам малако, масла, сыр і іншыя пачастункі, пакуль, урэшце, нічога не застанецца.

Пасля гэтага дзяўчаты ўстаюць і зноў пачынаюць скокі вакол Лялі, прыпяваючы ранейшую песню. У гэты час Ляля бярэ вянкі і кідае па адным на тых, хто танцуе, пакуль, урэшце, усе дзяўчаты не схопяць па вянку. Гэтыя вянкі яны берагуць як святое да наступнай вясны, а некаторыя і потым, пасля замужжа, іншы раз усё жыццё.

Па заканчэнні абраду некалькі дзяўчат бяруць Лялю пад рукі і ў суправаджэнні іншых праводзяць яе ў далейшы шлях.


Макаш

Макаш — Багіня часу і лёсу людзей, апякунка жанчын і жаночых рамёстваў: ткацтва, прадзення, вышывання. Багіня і сама з'яўляецца выдатнай майстрыхай. Макаш апякуецца над жанчынамі, але і жорстка іх карае за непавагу да сябе.Неяк у пятніцу сядзела вечарам жанчына каля акна і прала. Чуе — нехта пад акном стукае. Глянула — баба старэнькая стаіць, зморшчаная, як сучок. Паглядзела тая баба на жанчыну сурова і пытаецца ў яе:
— Чаму ты, маладзіца, так позна прадзеш ды ў гэты дзень?
— Як жа мне не прасці, калі ў мяне дзеткі малыя, не пасобяць — самой трэба паспець.
— Ну, калі ты такая пільная, на табе сто верацён. Каб ты мне іх да раніцы ўсе напрала.

Як сказала тое баба, так і падзелася невядома куды, як скрозь зямлю правалілася.Спужалася жанчына, зразумела, што нешта тут няладна. Думала, думала што ёй рабіць, і прыдумала. Не стала рукамі прасці, а ўзяла ды па адной нітачцы на кожнае верацяно наматала. Так усе сто верацён да раніцы і заматала.
На золку зноў старая прыходзіць і пытаецца:
— А што, маладзіца, ці пазапрала мне мае верацёны?
Маладзіца паказала ёй верацёны. Тады і кажа ёй старая:
— Разумная ты, маладзіца, што так зрабіць здагадалася. Не зрабі ты гэтага, ды вярні мне голыя верацёны, я б цябе саму, як голае верацяно, скруціла і ссушыла б. Я - Макаш. Сёння мой дзень. Глядзі, не прадзі ў пятніцу больш.


Ох

Бажок Ox —маленькі барадаты дзядок, які жыве недзе пад зямлёю. Ox літасцівы і заўсёды шкадуе людзей. Калі чалавек, бядуючы, уздыхае і кажа: «Ох! Ох!» — Бог выходзіць з-пад зямлі і пытае: «Чаго патрабуеш?» Калі чалавек ведае пра гэта ды не спалохаецца і скажа Оху, чаго хоча, то ён яму тое дасць.


Чарнабог

Недзе глыбока пад зямлёю жыве валадар усяго Таго Свету — Чарнабог. Беларусы ўяўляюць яго так: стары, апрануты ва ўсё чорнае і з доўгай чорнай барадой. Чарнабог — стваральнік і гаспадар Таго Свету. Шматлікія Багі і Духі холаду, цемры, хвароб і смерці падначалены яму.

Калісьці разам з Белбогам ён ствараў Сусвет, Зямлю, расліны, жывёл. Але пасварыўшыся з Белбогам, Чарнабог пачаў варагаваць і супрацьстаяць яму ў Сусвеце, змагацца за Гэты Свет і чалавека.

Комментариев нет:

Отправить комментарий