Еўдакія Лось "Продкі"


Мая радзіма —
Жытні колас,
Сінь мурагу, язміну цвет.
      Яна — пілы гарачай голас,
Калёс цяжкіх глыбокі след...
Мая радзіма —
Дзе з-за бору
Ўзыходзіць месяц уначы,
Дзе ў братнім ладзе, ў дружным зборы
Жылі калісьці крывічы...
Валілі лес, аралі ляды,
Сушылі гуртам нераты
I да туманных даляглядаў
Ганялі спраўныя плыты.
Дзяцей бацькі вучылі строга
Любіць саху, пчалу, зямлю
I аднаму маліцца богу —
Нялёгкай працы мазалю.
Таму і праўнуку, і ўнуку
Было няміла нішчыць, біць;
Ён вывучаў адну навуку,
Адно евангелле: рабіць...
Рабіў ён зрубы залатыя,
Нарогі, гонкія чаўны
I сцены белыя Сафіі
Над плынню быстраю Дзвіны.
Умеў мой продак човен ладзіць,
Паліць ікластыя карчы,
Таму, хто ў роспачы, —
        дарадзіць,
Таму, хто ў горы, —
        памагчы...

Комментариев нет:

Отправить комментарий