Францыск Скарына


Паходзіць Францыск з Полацка з купецкай сям'і. Бацька Лука і старэйшы брат Іван займаліся аптовым гандлем скурай, ад назвы якой (старажытны варыянт "скора"), верагодна, і пайшло іх прозвішча.

Пачатковую адукацыю хлопчык атрымаў у Полацку ці сталічнай Вільні. У 1504 г. быў прыняты на факультэт свабодных навук Кракаўскага універсітэта - адной са старэйшых і лепшых навучальных устаноў Еўропы - і тут у 1506 г. атрымаў ступень бакалаўра свабодных мастацтваў. У час вучобы ў Кракаве Скарына ўсвядоміў навуковыя і асветніцкія магчымасці друкаванай кнігі, пазнаёміўся з багатай кніжнай прадукцыяй мясцовых і замежных друкарняў, з азамі тэхнікі друку Відаць, менавіта ў Кракаве ў Скарыны выспела высакародная задума - даць і свайму народу друкаваную кнігу, прычым на яго ж роднай мове.

Восенню 1512 г. Францыск прыбыў у Італію, у знакаміты Падуанскі універсітэт, ён ужо меў ступень доктара свабодных навук і быў сакратаром дацкага караля. 9 лістапада ў прысутнасці 24-х буйнейшых вучоных гэтага універсітэта Скарына быў экзаменаваны ў галіне медыцыны і адзінадушна прызнаны ў званні доктара медыцыны.

Заручыўшыся фінансавай падтрымкай землякоў з Вільні і Полацка, ён паехаў у Прагу і там заснаваў друкарню, у якой паклаў пачатак беларускаму і ўсходнеславянскаму кнігадрукаванню, выдаў 6 жніўня 1517 г. сваю першую кнігу - Псалтыр, а потым на працягу 1517-1519 гг. - яшчэ 22 кнігі Бібліі. Скарына выдаў іх з уласнымі прадмовамі і пасляслоўямі пад агульнай назвай "Библия руска". Выбар на карысць Бібліі быў зроблены таму, што ў тыя часы, калі грамадства на яго радзіме яшчэ ў цэлым не ўзнялося да разумення значэння свецкай кнігі, Біблія была самай прыдатнай кнігай для яго асветніцкай мэты. Еўрапейскія гуманісты, якім з'яўляўся і наш зямляк, лічылі Біблію свайго роду універсальным падручнікам, энцыклапедыяй, дзе чытач мог знайсці адказы на многія складаныя пытанні.

Мова Скарынавых выданняў набліжана да беларускай, хоць у аснове сваёй заставалася царкоўнаславянскай. Кнігі выдадзены на высокім для таго часу паліграфічным узроўні, аздоблены гравюрамі, сярод якіх двойчы змешчаны ўласны партрэт першадрукара; сігнетам - друкарскім знакам Скарыны з выявай сонца, прыкрытага месяцам; арнаментаваны застаўкамі і канцоўкамі, што зрабіла іх унікальнымі помнікамі еўрапейскай кніжнай культуры і айчыннага мастацтва.


У канцы 1519 ці пачатку 1520 гг. Скарына перанёс кнігадрукаванне на ўсход Еўропы, на радзіму. У Вільні ў доме свайго апекуна, мецэната, бурмістра Якуба Бабіча ён уладкаваў першую на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага друкарню і на працягу 1522-1525 гг. выпусціў у свет "Малую падарожную кніжку" (каля 1522 г.) і "Апостал" (1525).

Каля 1535 г. ён назаўсёды пакідае радзіму і зноў пасяляецца ў Празе. У чэшскай сталіцы ён працаваў вучоным-батанікам і садоўнікам у каралеўскім батанічным садзе Фердынанда I Габсбурга. Відаць, у Чэхіі Скарына правёў апошнія гады свайго жыцця і памёр у канцы 1551 г. ці студзені 1552 г. удалечыні ад радзімы. Месца яго пахавання невядома.

Геніяльнае пачынанне Скарыны, багатыя скарынінскія традыцыі былі падхоплены, працягнуты і развіты яго сучаснікамі і паслядоўнікамі - выдатнымі друкарамі, пісьменнікамі, вучонымі І. Фёдаравым і П. Мсціслаўцам, С. Будным, В. Цяпінскім, братамі Мамонічамі і інш. Кнігі Ф. Скарыны распаўсюджваліся і карысталіся папулярнасцю і аўтарытэтам на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Літвы, Расіі і іншых краін. Яны беражліва захоўваліся і перадаваліся з пакалення ў пакаленне, служылі ўзорам для пераймання паслядоўнікамі і здзейснілі вялікую культурную місію ва Усходняй Еўропе. На сённяшні дзень захавалася каля 400 экзэмпляраў кніг Скарыны. Як найкаштоўнейшыя рэліквіі яны зберагаюцца ў музеях і бібліятэках розных краін свету. На Беларусі ж іх, на жаль, не засталося ніводнай.

Язэп Драздовіч "Францыск Скарына"

Комментариев нет:

Отправить комментарий