Беларуская батлейка


Батлейка — беларускі народны лялечны тэатр. Ён вядомы з шаснаццатага стагоддзя. I насіў розныя назвы: яселка, батляемка, жлоб. Часцей за ўсё батлейка паказвалася на калядныя святы.

Як жа выглядала батлейка?

Рабілася вялікая скрынка ў выглядзе хаткі ці вясковай царквы. З дзверцамі замест акон. Вопратку для лялек шылі з тканіны. Валасы, бровы і вусы ў іх былі з лёну, пакулля ці аўчыны. Лялька насаджвалася на драўляны або металічны шпень, які рухаўся па проразях у падлозе.

Сцэна аздаблялася тканінай, каляровай паперай, фігуркамі з тоненькіх палачак і нагадвала балкон, на якім адбывалася дзеянне. На задніку сцэны маляваліся абразы, крыжы, начныя зоркі, лялечныя кампазіцыі на біблейскія тэмы. Батлеечнік знаходзіўся за скрынкай, вадзіў лялькі, гаварыў тэкст, падбіраючы голас персанажа. Нярэдка ён быў не толькі адзіным выканаўцам, але і драматургам, рэжысёрам, мастаком, музыкантам. Батлеечнікі звычайна былі таленавітымі артыстамі-самародкамі.

Многія гады адзінай пастаноўкай была п'еса "Цар Ірад". Страшны Ірад даведаўся, што нарадзіўся хлопчык, які стане замест яго царом. I ён загадаў забіць усіх хлопчыкаў да трох гадоў. Аднак таго хлопчыка, Ісуса Хрыста, выратавалі пастухі.

Адной такой п'есы было мала. Хацелася нечага весялейшага, бо спектаклі паказваліся звычайна на святы. Каб выклікаць большую цікавасць, батлеечнікі пачалі паказваць камічныя сцэнкі з народнага жыцця. Дасціпныя, перасыпаныя песнямі і танцамі, спектаклі батлейкі ставіліся ўжо і ў будні. З'явіліся новыя персанажы, у якіх людзі пазнавалі саміх сябе, сваіх суседзяў, сваякоў, знаёмых. Гледачы бачылі на сцэне тых, каго і самі не любілі: фанабэрыстага шляхцюка, гультая-п'яніцу, злодзея-прайдзісвета, доктара-шарлатана, хітрага карчмара. Сатырычным героям проціпас-таўляўся селянін. Працавіты, кемлівы, вясёлы. Жылі гэтыя спектаклі доўга, іграліся па шмат разоў. Захаваліся іх назвы: "Мацей і доктар", "Антон з казой і Антоніха", "Вольскі — купец польскі", "Скамарох з мядзведзем".

Батлеечнікі вандравалі па ўсёй Беларусі. Іх сустракалі як самых дарагіх гасцей. Асабліва радаваліся дзеці. I гэта зразумела: столькі таямнічага і непаўторнага было ў лялечным тэатры!

Комментариев нет:

Отправить комментарий