Максім Багдановіч


Максім Адамавіч Багдановіч нарадзіўся ў Мінску 9 снежня (27 лістапада старога стылю) 1891 г. у сям’і інтэлігентаў.

Ранняе маленства Максіма прайшло ў Гродна. Тут, у Гродна, хлопчык спазнаў вялікае гора: смерць маці. Яна памерла на дваццаць восьмым годзе жыцця ад сухотаў.

Пасля смерці Марыі Апанасаўны бацька вырашыў перамяніць месца службы і ў 1896 г. з дзецьмі пераехаў у Ніжні Ноўгарад. Ад жыцця ў Ніжнім Ноўгарадзе ў Максіма засталіся цікавыя і радасныя ўспаміны. У Ніжнім Ноўгарадзе жыў і тварыў малады Максім Горкі; да яго прыходзілі літаратары, мастакі, музыканты, простыя людзі з народа.
Для Максіма гэтыя сустрэчы не прайшлі бясследна. Дружба бацькі з Максімам Горкім напаўняла і яго сэрца.

У 1902 г. Максім Багдановіч паступіў у першы клас Ніжагародскай мужчынскай гімназіі. Гэта быў удумлівы, крыху замкнуты, сціплы, не па гадах сур’ёзны хлопец. У школьныя гады Багдановіч не расставаўся з кнігамі, шмат чытаў. За гэта сябры-гімназісты называлі яго Максімам Кніжнікам. Кнігі Максім браў з бібліятэкі бацькі. Тут захоўваліся самыя разнастайныя выданні па гісторыі, філасофіі, эстэтыцы, этнаграфіі, фальклору, творы класікаў рускай і сусветнай літаратур. У бацькавай бібліятэцы былі таксама кнігі аб Беларусі, зборнікі беларускіх песень і казак.

Багдановічу была дорага спадчына бацькоў. З дзяцінства расла яго цікавасць да гісторыі беларускага народа, яго культуры, вуснай народнай творчасці і хутка ён сам пачынае пісаць па-беларуску.


Вершы ён стаў пісаць, калі яму было дзесяць гадоў, але толькі ў 1907 г. на старонках «Нашай нівы» з’явіўся яго першы твор – лірычнае апавяданне «Музыка». Янка Купала першы заўважыў і ацаніў талент маладога беларускага паэта.

Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, Багдановіч марыў аб вучобе ў Пецярбургскім універсітэце, хацеў прысвяціць сябе навуковай дзейнасці. Яго цікавіла беларуская філалогія. Але нязгода бацькі, слабае здароўе і матэрыяльная незабяспечанасць былі перашкодай для гэтага. У 1911 г. паэт паступіў у Яраслаўскі юрыдычны ліцэй.
Гады вучобы ў ліцэі – важны этап у духоўным і творчым развіцці Багдановіча. Гэта былі гады настойлівай працы над сабой, паглыблення ведаў. Сярод ліцэістаў Багдановіч вылучаўся начытанасцю, багатай эрудыцыяй. Высокі, прыгожы, з хвалістымі каштанавымі валасамі, з душой чулай, уражлівай, паэтычнай – такім ён запомніўся сучаснікам. Ліцэісты яго любілі і паважалі за абаяльнасць, сціпласць, таварыскасць, інтэлігентнасць. Юрыдычныя навукі мала займалі Максіма. Усе сілы і вольны час ён аддаваў літаратуры. Асабліва вабіла яго цяпер паэзія славянскіх народаў. Паэт самастойна вывучаў замежныя мовы, каб у арыгінале чытаць класікаў славянскіх і заходнееўрапейскіх літаратур.
Ліцэйскі перыяд быў самым плённым у паэтычнай дзейнасці Максіма Багдановіча. У гэты час ён напісаў свае лепшыя творы.

У 1913 г. выйшаў з друку першы зборнік яго вершаў «Вянок». Гэта была яго першая і апошняя выдадзеная пры жыцці кніга. У ёй ён сказаў пра ўсё самае важнае, самае дарагое, чым жыла яго душа, чым поўнілася набалелае сэрца.
Летам 1916 г. Багдановіч закончыў ліцэй і накіраваўся ў Мінск.

Вясна 1917 года была апошняя ў жыцці Багдановіча. Здароўе яго з кожным днём пагаршалася. Паявіліся трывожныя сімптомы, але паэт не здаваўся, не падаў духам, не даходзіў да роспачы, шмат пісаў, за што ні браўся, даводзіў да канца. Гэта быў чалавек выключнай сілы волі, настойлівы, мэтанакіраваны, да канца адданы сваёй справе.

Але хвароба не адступала. Апошнія творы ён пісаў зусім хворы, задыхаючыся ад кашлю, велізарным намаганнем волі перамагаючы слабасць.

Трэба было ехаць лячыцца. Сябры сабралі Багдановічу грошы на дарогу і адправілі ў Крым. Ехаў ён зусім хворы, цяжка было на душы, і ўсё ж надзея на лепшае не пакідала яго. Хацелася жыць і працаваць.

Хвароба адняла ў яго мову. Ён не мог гаварыць. I ўсё ж, паміраючы, паэт знайшоў у сабе сілы, каб сказаць, што недарма пражыў на свеце, што пакідае свайму народу кнігу – памятку аб сваім жыцці. Апошняе, што ён напісаў,– мужныя словы, поўныя веры ў каштоўнасць зробленага:

У краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме, ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты*

Памёр Максім Багдановіч 25 (12 па старым стылю) мая 1917 г, у Ялце. За некалькі дзён да смерці ён напісаў бацьку: «Будзь здароў, стары верабей. Маладому вераб’ю блага».

Пахаваны паэт у Ялце на Брацкіх могілках. У Мінску, блізка ад та го месца, дзе ён нарадзіўся, на Траецкай гары, недалёка ад Акадэмічнага тэатра оперы і балета, стаіць выліты з бронзы помнік выдатнаму паэту – даніна ўдзячнай памяці беларускага народа. У правай руцэ ён трымае букет васількоў – сімвал радзімы, роднага мастацтва.



*Марцін Кухта – уладальнік друкарні ў Вільні, у якой быў надрукаваны зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок».

Комментариев нет:

Отправить комментарий