Уладзімір Караткевіч


         
            Нарадзіўся Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч 26 лістапада 1930 года ў старажытным беларускім горадзе Орша. Бацька, Сямён Цімафеевіч, працаваў інспектарам у Аршанскім райфінаддзеле, маці, Надзея Васільеўна, скончыла Марыінскую гімназію ў Магілёве, працавала вясковай настаўніцай, а пасля заключэння шлюбу ўсю сваю душэўную дабрыню аддала мужу і дзецям.
            Юнацкія гады Уладзіміра прыпалі на час ваеннага ліхалецця. Вайна застала Валодзю ў Маскве, куды ён прыехаў да сястры. Потым эвакуацыя – Разаншчына, Урал, некалькі разоў уцякаў на фронт. У 1943 годзе сям'я аб'ядналася ў Арэнбургу.
             Пасля вызвалення Кіева некаторы час разам з маці жыў там у матчынай сястры, а затым у 1944 годзе сям'я вярнулася ў Оршу. Тут у сярэдняй школе, дзе вучыўся Уладзімір Караткевіч, на старонках рукапіснага часопіса "Званочак" убачылі свет яго юнацкія вершы і прыгодніцкая аповесць "Загадка Неферціці". У 1949 годзе ён паступае на аддзяленне рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Кіеўскага універсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Пасля заканчэння універсітэта працуе настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў вёсцы Лесавічы, ў Кіеўскай вобласці.
            Вясной 1955 года ён здае кандыдацкі мінімум і пачынае пісаць дысертацыю пра адлюстраванне паўстання 1863-1864 гадоў ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах, задумвае пісаць раман на гэту тэму. У гэтым жа годзе у ліпеньскім нумары часопіса "Полымя" быў надрукаваны верш Караткевіча "Машэка". Менавіта 1955 год можна лічыць часам уступлення яго ў беларускую літаратуру.
 Усёй душой імкнецца Караткевіч на радзіму, і з восені 1956 года ён ужо настаўнік рускай мовы і літаратуры у Оршы, дзе будзе працаваць два гады.
            На роднай зямлі яшчэ больш квітнее літаратурны дар пісьменніка. У 1957 годзе яго паэтычныя творы з'яўляюцца ў часопісе "Маладосць", газетах "Літаратура і мастацтва", "Чырвоная змена". Іх станоўча ацэньвае сталічная крытыка. У 60-х гадах - ён ужо сапраўдны кароль пяра, аўтар багацейшай бібліятэкі ўласных кніг, артыкулаў, публікацый, сцэнарыяў, п'ес.
 Шырокае прызнанне як у Беларусі, так і за межамі У.Караткевіча прынесла яго проза. У 1957 годзе ён напісаў аповесць «У снягах драмае вясна», у 1958-м - "Дзікае паляванне караля Стаха», адно з самых вядомых твораў У.Караткевіча. У Маскве быў задуманы і першы раман - «Леаніды ня вернуцца ды Зямлі», які пад назвай «Нельга забыць» быў апублікаваны ў 1962 годзе ў часопісе «Полымя». У 1962-1964 гадах створаны раман «Каласы пад сярпом тваім» - пра паўстанне 1863-1864 гадоў у Беларусі і Літве пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. Раман «Каласы пад сярпом тваім» займае цэнтральнае месца ў творчасці У.Караткевіча. Да таго ж гэта, па сутнасці, першы беларускі гістарычны раман.
 У.Караткевіч выступаў таксама ў якасці драматурга - ім напісаны п'есы: «Млын на Сініх Вірах» (пастаўлена на тэлебачанні ў 1959 году); «Званы Віцебска» (1977, пастаўлена ў 1974 годзе); «Кастусь Каліноўскі» (1980, пастаўлена ў 1978 годзе); «Калыска чатырох чараўніц» (1981, пастаўлена ў 1982 годзе); «Маці ўрагану» (1985, пастаўлена ў 1988 годзе; аднайменны мастацкі фільм - рэжысёр Ю.Марухін, 1990).
            У.Караткевіч напісаў сцэнары кароткаметражных фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964); «Памяць» (1966); «Будзь шчаслівай, рака» (1967); сцэнарыі мастацкіх фільмаў: «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (першапачатковая назва - «Жыціе І ўзнясенне Юрася Братчыка», з В.Бычковым, 1967); «Чырвоны агат» (1973), «Дзікае паляванне караля Стаха» (з В.Рубинчиком, 1979); «Чорны замак Альшанскі» (з М.Пташуком, 1984). На тэлебачанні і радыё па творах У.Караткевіча пастаўлены шэраг спектакляў. Паводле яго лібрэта ў Беларускім тэатры оперы і балета пастаўлена опера «Сівая легенда» (кампазітар Д.Смольскі, 1978), а па аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха» - аднайменная опера (кампазітар - У.Солтана, 1989; Дзяржаўная прэмія БССР, 1990 ).
 Выступаў у якасці публіцыста і крытыка: напісаў нарыс «Зямля пад белымі крыламі" (1977), эсэ «Мсціслаў - Мсціслаў» (1985), эсэ і артыкулы пра Ф.Скарыну, Т.Шаўчэнку, Лесю Украінку, М.Агінскага, Я. Купалу, М. Багдановіча, М.Шолохова, Я.Брыля, В.Калесніка, М.Лужанина, Р.Барадуліна, В.Зуёнка, А.Наўроцкага, Я.Сіпакова.
 Свет караткевічаўскіх твораў – дзівосны і прыцягальны. Здаецца, няма такога літаратурнага жанру, у якім бы не працаваў непаўторны класік, заглыбляючыся ў духоўную спадчыну нашага народа. Ён шмат і плённа працуе над перакладамі на беларускую мову твораў Дж. Байрана, Р. Гамзатава, Адама Міцкевіча, Махтамкулі, Івана Франко і іншых. Значным з'яўляецца ўклад У. Караткевіча ў беларускую дзіцячую літаратуру. Вялікую цікавасць уяўляе яго мастацкая спадчына – шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да сваіх твораў, сяброўскія шаржы.
             У 1980 годзе да 50-годдзя з дня нараджэння Уладзімір Караткевіч быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. На ўрачыстым пасяджэнні з нагоды юбілею пісьменнік падзяліўся новымі задумамі і планамі. Але здзейсніць іх ужо не хапіла сіл. 25 ліпеня 1984 года Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча не стала.
             Заключным акордам, моцным і выразным, прагучаў апошні верш Уладзіміра Караткевіча, напісаны 19 чэрвеня 1984 года да 60-годдзя народзінаў Васіля Быкава:
Час стагоддзі, як касой, сцінае,
Веры, царства, догмы йдуць да ценяў…
Усё мінае – Гонар не мінае,
Бо народжаны адным сумленнем.
Калі сонца выб'ецца з туману,
Толькі іх і ўспомніць хор народаў,
Воінаў сваіх, святых і зраненых,
Рыцараў сумлення і свабоды.
 У гэтых радках увасобілася жыццёвае крэда Уладзіміра Караткевіча, які і ў побыце, і ў літаратуры быў рыцарам сумлення і свабоды, верным рыцарам Беларусі.
 Імем У.Караткевіча названы вуліцы ў Віцебску і Оршы, яго імя носіць школа № 3 у Оршы, дзе адкрыты літаратурны музей У.Караткевіча.



Сайт У. Караткевіча: http://karatkevich.ru/

Комментариев нет:

Отправить комментарий