Беларуская байка


Байка — невялікі, часцей вершаваны твор сатырычнага зместу з алегарычным сюжэтам і павучальнай канцоўкай (мараллю).

Ад іншых камічных твораў байка адрозніваецца тым, што ў ёй прысутнічае сатыра — з’едлівы, выкрывальны смех. У гумарыстычных творах (анекдотах, гумарэсках) смех, як правіла, нязлосны, добразычлівы, пацяшальны. Чалавек або нейкая з’ява паказваюцца ў камічным, дабрадушна'смешным выглядзе. З дапамогай гумару асобныя, нязначныя недахопы ў паводзінах ці характары персанажа, нейкія жыццёвыя з’явы выклікаюць у чытача ўсмешку, ствараюць вясёлы настрой. У байцы ж смех шматаблічны: пацяшальны, крытычны, выкрывальны.

Нямногія паэтычныя жанры валодаюць такой устойлівасцю і жывучасцю, як байка. Узнікла яна ў глыбокай старажытнасці і да нашых дзён зберагла свае асноўныя жанравыя ўласцівасці — іншасказальнасць зместу, алегарычнасць вобразаў, павучальнасць. 

Узнік гэты жанр у Старажытнай Грэцыі. Першы славуты байкапісец — Эзоп. Жыў ён прыкладна ў VІ—V стагоддзях да нашай эры. Напісаныя ім байкі былі празаічныя. Эзопавы творы карысталіся вялікай папулярнасцю, бо захаплялі людзей сваім праўдалюбствам, мудрасцю і досціпам. 

У беларускай літаратуры байка з'явілася параўнальна нядаўна, у апошняй чвэрці XIX стагоддзя. Першыя вопыты ў гэтым жанры належаць Францішку Багушэвічу, Адаму Гурыновічу і Альгерду Абуховічу і звязаны з перакладамі твораў Крылова – вядомага рускага байкапісца.

У Беларусі добра ведалі і любілі байкі Івана Андрэевіча Крылова. Афені (ці інакш карабейнікі, вандроўныя гандляры галантарэйным таварам, кнігамі) прыносілі іх на кірмашы і ў сялянскія хаты. Нярэдка траплялі яны туды ў выглядзе танных лубачных выданняў і народных карцінак. Папулярнасць твораў Крылова ў беларускай вёсцы канца мінулага стагоддзя засведчыў Якуб Колас у аўтабіяграфічных матэрыялах. Як вядома, першыя чытацкія захапленні і літаратурныя вопыты народнага паэта звязаны былі з крылоўскімі байкамі і прыпалі на час, калі гэты жанр пачаў пашырацца ў беларускай літаратуры. «У дзяцінстве,— пісаў Якуб Колас,— я вельмі любіў байкі Крылова, ведаў іх амаль усе на памяць... Пад уплывам Крылова я пачаў пісаць».

Ф. Багушэвічу, А. Гурыновічу, А. Абуховічу байкі Крылова імпанавалі сваім дэмакратычным зместам, і яны хацелі данесці іх да беларускага чытача на яго роднай мове, пачалі перакладаць творы славутага рускага байкапісца. Варта адразу агаварыцца: байкі, створаныя імі паводле крылоўскіх сюжэтаў, толькі ўмоўна можна назваць перакладамі. На сюжэт «Свінні пад Дубам» Ф. Багушэвіч напісаў, па сутнасці, арыгінальны паэтычны твор «Свіння і жалуды». Выкарыстаўшы матывы крылоўскага «Сходу» («Мирской сходки»), А. Абуховіч стварыў таксама ў значнай ступені самабытную байку «Старшына». На жаль, пакуль што не знойдзены, а мо назаўсёды страчаны рукапісы іншых яго перакладаў з Крылова, якіх, паводле некаторых сведчанняў, у беларускага паэта было шмат.

Сваімі вытокамі беларуская літаратурная байка непасрэдна звязана з фальклорам. Народная сатыра жывіла яе сюжэтамі і вобразамі, рэалістычным зместам, уплывала на фарміраванне асноўных стылёвых і жанравых уласцівасцей байкі. Асабліва вялікую ролю ў фарміраванні баечнага жанру ў беларускай літаратуры адыгралі народныя сатырычныя і бытавыя казкі, алегарычныя апавяданні і анекдоты, прыказкі. У гэтым няцяжка пераканацца, чытаючы першыя арыгінальныя беларускія байкі — «Воўк і авечка» Ф. Багушэвіча і «Ваўкалак» А. Абуховіча.

Я. Купала напісаў небагата баек, але бадай усе яны («Асёл і навука», «Мікіта і валы», «Ігнат і п'яўкі», «Два мужыкі і глушзц», «Бот і лапаць», «Ястраб», «Лісіца і певень», «Пчолы і трутні», «Селянін і конь», «Асёл і яго цень» і інш.) вызначаюцца паэтычным майстэрствам, самабытнасцю сюжэтаў і вобразаў. Востры гумар, лаканічныя, але вельмі трапныя і даcціпныя характарыстыкі персанажаў, дыялог, насычаны інтанацыямі жывой народнай гаворкі, рабілі купалаўскія байкі надзвычай даходлівымі. Чытачы добра разумелі сэнс іх алегорый.

Як правіла, байкі Я. Купалы прысвячаліся надзённым пытанням грамадска-палітычнага жыцця свайго часу. У іх паэт даваў яркія замалёўкі падзей і з'яў, якія вымагалі сатырычнага выкрыцця. Персанажы баек — рэальныя, канкрэтныя вобразы, пачэрпнутыя з жыцця.

Такімі ж востра сатырычнымі творамі з'яўляюцца і байкі Я. Коласа. Пад свежымі ўражаннямі падзей рэвалюцыі 1905-1907 гг. узніклі яго байкі. Канкрэтныя падзеі тых дзён занатаваны ў байках «Бабы і куры», «Пастух і авечкі».

Цікавую байку «Варона і чыж» стварыў Максім Багдановіч, высмеяўшы ў ёй пустое бахвальства і ліслівасць (другая байка паэта — «Ікра» — напісана на рускай мове).

Савецкая эпоха выклікала да жыцця байкі Кандрата Крапівы, з імем якога звязаны найбольш значныя дасягненні ў развіцці гэтага жанру ў беларускай літаратуры.

Большасць баек вядомага беларускага байкапсца Кандрта Крапівы (у тым ліку такія хрэстаматыйныя творы, як «Вол і Авадзень», «Сука ў збане», «Дзед і Баба», «Мандат», «Дыпламаваны Баран», «Сава, Асёл ды Сонца», «Жаба ў каляіне», «Махальнік Іваноў» і інш.) напісана ў сярэдзіне і ў другой палове 20-х гадоў XX в. і тэматычна звязана з усёй тагачаснай творчасцю сатырыка. Тыя ж адмоўныя з'явы і чалавечыя заганы, якія выкрываў ён у сатырычных вершах, фельетонах і гумарэсках, высмейваліся і ў байках — п'янства, бюракратызм, некультурнасць, рэлігійныя забабоны, гультайства, сквапнасць, эгаізм, зазнайства, падхалімства і г. д. Толькі высмеяны яны ў байках глыбей і вастрэй, і творы гэтыя набылі шырэйшы грамадскі рэзананс, вызначаюцца большай сілай мастацкай тыпізацыі, большай з'едлівасцю сатырчных характарыстык.

Як некалі Крылоў у рускай літартуры, К. Крапіва, звярнуўшыся да байкі, звязаў яе з сучасным жыццём, напоўніў яе новымі грамадскімі ідэаламі. Крапівінская байка стала надзвычай чулай да сацыяльна-палітычных і маральна-эстэтычных запатрабаванняў свайго часу. Пашыраючы жанравыя рамкі байкі, беларускі сатырык увёў у яе элементы публіцыстычнага і агітацыйнага верша, паглыбіў яе апавядальныя і драматычныя магчымасці. У байках К. Крапівы арганічна спалучыліся пафас і іронія, сатыра і лірыка; пабудаваны яны на вострых камічных сітуацыях, на рэзкіх сутыкненнях характараў.

Мінуў не адзін дзесятак гадоў з таго часу, калі былі напісаны байкі Кандрата Крапівы, а яны і сёння захапляюць сваёй мудрасцю, паэтычнасцю, свежасцю мастацкіх фарбаў. Даўно ўвайшлі ў народны ўжытак, сталі народнымі прыказкамі і выслоўямі дасціпныя выразы з гэтых твораў: «Другі баран ні «бэ», ні «мя», а любіць гучнае імя», «Каб Сонца засланіць — вушэй асліных мала», «Прэтэнзій у яго — хапіла б на слана, заслуг жа — як у зайца», «Не можаш памагчы, дык лепей памаўчы».

З сучасных беларускіх байкапісцаў найбольшага поспеху дасягнулі Уладзімір Корбан і Эдуард Валасевіч. Лепшыя іх байкі («Шаўчына злосць», «Дабрадзей», «Кума», «Бык і дом», «Шчанюкі», «Куры», «Малады салавей» У. Корбана, «Пчолы і труцень», «Мёд і Рэдзька», «Залатая рыбка» Э. Валасевіча і інш.) напісаны вобразнай народнай мовай, самабытныя паводле паэтычнай задумы.

У. Корбан умее абагульняць жыццёвыя з'явы, паказваць тыповыя рысы носьбітаў адмоўнага — розных хапуг, дармаедаў, бюракратаў. Згадаем, напрыклад, яго байку «Куры». Вельмі просты сюжэт у ёй: курыца знесла яйка і закудахтала, а следам за ёй куры на птушніку паднялі страшэнны вэрхал, быццам здарылася нешта нечуванае. З апавядання арганічна вынікае іранічны вывад байкапісца пра «дзеячаў», у якіх «у справах вынікі з яйцо, а крыку...»

Лепшыя творы Э. Валасевіча таксама напісаны з добрым разуменнем прыроды баечнага жанру, з улікам асноўных яго патрабаванняў. Спашлёмся хоць бы на байку «Два кані». Гэта сатырычны твор, у якім дасціпна высмеяны гультаі. Два кані — Карэнны і Прысцяжны — цягнулі аднойчы цяжкі воз. Карэнны напінаўся з усіх сіл, а Прысцяжны «ледзь варушыўся» ды яшчэ кпіў з Карэннага, быццам той «не цягне, а ў аглоблях спіць». Гаспадар па заслугах «узнагародзіў» Прысцяжнога, кінуўшы яму пад ногі жмут саломы і сказаўшы з дакорам: «Такі табе і корм, які ты ў працы скоры».

Байка — жанр, любімы народам. Незвычайная папулярнасць твораў К. Крапівы, поспех лепшых баек У. Корбана, Э. Валасевіча і іншых беларускіх паэтаў красамоўна сведчаць пра тое, як патрэбна народу жывая, яркая, дасціпная байка.

Па матэрыялах сайта http://www.usebelarusy.by

Комментариев нет:

Отправить комментарий