Змітрок Бядуля

Zmitrok Biadulia1.jpg


Змітрок Бядуля (сапр. імя Самуіл Яфімавіч Плаўнік) (1886 - 1941) - беларускі паэт і празаік, мовазнаўца. Псеўданімы: Саша Пл-ік, Ясыкар, Змітро Бядуля.

Нарадзіўся ў небагатай яўрэйскай сям'і. Бацька яго Хаім (Яфім) быў арандатарам, а зімой працаваў на лесанарыхтоўках. Часам ён займаўся дробным гандлем, любіў музыку — іграў на скрыпцы. Маці, Хана Плаўнік, працавала швачкай-каптурніцай. Дзед, адзіны ў мястэчку каваль і меднік, меў уласную бібліятэку. У яго на паліцы, акрамя Талмуда і іншых рэлігійных кніг, стаялі тамы «Металічнае справы», «Геаметрыі», «Матэматыкі»… Яго дзеці — трое сыноў і чатыры дачкі, — атрымалі пачатковую адукацыю. Паміж старэйшай і малодшай дочкамі была розніца ў 25 гадоў.

Самуілу з самага дзяцінства прыйшлося дапамагаць па хаце і па гаспадарцы сваёй вялікай сям'і. На здольнасці і інтарэсы хлопчыка паўплываў бацька, які чытаў сваім дзецям кнігі. Будучы пісьменнік вучыўся ў пачатковай яўрэйскай школе — хедары, а пасля яе заканчэння — у школе рабінаў ешыбоце, з якой быў выгнаны за вольнадумства. Ведаў іўрыт — старажытнаяўрэйскую мову, ідыш, нямецкую, беларускую, рускую і крыху польскую мовы. Нейкі час працаваў хатнім настаўнікам.

З самага дзяцінства кнігі былі запалам будучага пісьменніка. Ён вышукваў іх самымі рознымі спосабамі. Выпісваў з Вільнюса, Масквы і Пецярбурга, выпрошваў у паноў, шукаў у школах, якія знаходзіліся непадалёк.

У 1912 г. быў запрошаны ў Вільню на сталую працу ў беларускія культурныя арганізацыі. Працаваў у рэдакцыі «Нашай нівы» разам з Янкам Купалам. Апавяданні, напісаныя Змітраком Бядулям у тыя гады, сталі класікай беларускай літаратуры.

Пасля ўстанаўлення савецкай улады некалькі год працаваў у газеце «Савецкая Беларусь» і іншых газетах, быў рэдактарам дзіцячага часопіса «Зоркі», грамадска-палітычнага і літаратурнага часопіса «Беларускае жыццё» (1919). У 1926 г. пачаў працаваць у Інстытуце беларускай культуры, быў першым рэдактарам краязнаўча-этнаграфічнага часопіса «Наш край». Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», пасля — ва «Узвышша». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 г.

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў вымушаны пакінуць Беларусь. Памёр ад інфаркту ў эвакуацыі каля Уральска (Казахстан), дзе і быў пахаваны.

Сайт З.Бядулі: http://biadulia.ru/

Комментариев нет:

Отправить комментарий