У.Корбан "Малпін жарт"

Пасля начной адказнае работы
Трэзор і Мурза спалі каля плота.
Тым часам Малпа не драмала,
Убачыўшы сабак, цішком
Падкралася да іх і матузком
        Хвасты звязала.
Сама ж схавалася за вугал і глядзіць,
Каменьчыкамі кідзь ды кідзь,—
        Стараецца іх пабудзіць.
Што тут было, калі прачнуліся абое! —
Трэзора Мурза рве, а Мурзу рве Трэзор!
Умомант гырканне ўзнялі такое,—
        Ажно гудзе ўвесь двор.
А Малпа ледзьве не кладзецца,—
I скача, і крыўляецца, й смяецца,
        Сабачы бой
Так па душы прыйшоўся ёй.
Нарэшце развязаліся хвасты,
Сабакі сціхлі, раны залізалі,
        Агледзеліся і затым
На Малпу, скеміўшы, напалі,
Што з той ажно пасыпалася поўсць.

I між людзьмі такія ёсць:
Звядуць дваіх, наладзяць склоку,
        А потым збоку
На цяганіну пазіраюць


        I рукі паціраюць.

Комментариев нет:

Отправить комментарий