Пімен Панчанка

Картинки по запросу Пімен Панчанка
Беларускі паэт Пімен Емельянавіч Панчанка нарадзіўся 23 жніўня 1917 года ў Рэвелі, цяпер Талін, сталіца Эстоніі, якая на той час уваходзіла ў склад Расійскай імперыі, як і Беларусь. Бацькі — бедныя сяляне, у пошуках заробку выехалі ў Прыбалтыку.
Ваенныя цяжкасці, адсутнасць у хаце гаспадара, які быў у войску, ускладнілі і без таго нялёгкае жыццё салдаткі Дар'і Факееўны Панчанка. З двума дзецьмі на руках ёй было цяжка ў чужым горадзе, і жанчына ў 1920 г. падалася да сваёй маці. Там, у Бягомлі, прайшлі дзіцячыя і раннія юнацкія гады паэта.
У 1933 г. сям'я Панчанкаў пераехала ў Бабруйск, і Пімен пачаў працаваць на мясцовым дрэваапрацоўчым камбінаце рабочым, а затым паступіў на настаўніцкія курсы. Пасля іх заканчэння працаваў у пачатковай, сямігадовай, сярэдняй школах у Бабруйскім і Кіраўскім раёнах (1934—1939). Адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Мінскага настаўніцкага інстытута, які скончыў у 1939 годзе.
Пісаць Пімен Панчанка пачаў яшчэ ў юнацтве. Упершыню апублікаваў свае вершы («Ураджайнае» і «Моладзі») у 1934 г. у альманаху «Ударнікі». Паэтычную сталасць П. Панчанку прынеслі вершы, напісаныя ім у час вайны. З верасня 1939 г. да студзеня 1946 г. у Савецкай Арміі — спецыяльны карэспандэнт, пісьменнік у армейскіх і франтавых газетах. На франтавых дарогах ён бачыў кроў, смерць, балюча перажываў трагедыю беларускага народа. Яго ваенныя радкі прасякнуты верай у перамогу над ворагам, суперажываннем, спагадай да чужога гора. У 1944 г. штаб, дзе служыў Пімен Панчанка, перакінулі ў Іран. Яшчэ два доўгія гады паэт быў адарваны ад Радзімы. Думкамі, пачуццямі, клопатамі, аднак, знаходзіўся на Беларусі, якая была ўжо вызвалена ад фашыстаў. У Іране быў створаны Піменам Панчанкам вядомы цыкл вершаў «Іранскі дзённік». Адным з лепшых твораў таго часу не толькі ў беларускай, але і ўсёй савецкай паэзіі стаў верш П. Панчанкі «Сінія касачы». Ваенныя ўражанні паэта склалі зборнікі «Дарога вайны» (1943), «Далёкія станцыі» (1945), «Гарачыя вятры» (1947). Ваенная тэма не пакідала паэта на працягу ўсяго яго творчага лёсу. У розныя гады ён напісаў шмат моцных па сіле эмацыянальнага ўздзеяння вершаў на гэту тэму («Апельсіны», «Кавуны», «Камсамолец з Расоншчыны», «Іх вечныя агні», «Горкая гордасць»).
У 1946 г. паэт дэмабілізаваўся. У пасляваеннай паэзіі П. Панчанкі часцей гучаць грамадзянскія матывы: барацьба за мір, услаўленне сацыялістычнага ладу, палёты ў космас, інтэрнацыянальныя сувязі. Адзін за другім выходзяць зборнікі паэта «За шчасце, за мір» (1950), «Шырокі свет» (1955), «Кніга вандраванняў і любові» (1959), «Нью-Ёркскія малюнкі» (1960), «Тысяча небасхілаў» (1962). Напісаная ў гэтыя гады лірыка-публіцыстычная паэма «Патрыятычная песня», у якой паэт выказваў шчырае прызнанне ў любві да Радзімы, да людзей, была ў 1959 г. узнагароджана Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы.
З 1966 г. паэт пачынае працаваць сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Прыкметнай з'явай у літаратурным жыцці Беларусі стала і кніга вершаў Панчанкі «Пры святле маланак» (1966, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы 1968). Пачынаючы з гэтай кнігі, светаразуменне паэта становіцца больш заглыбленым, па-філасофску засяроджаным, разважлівым. Паэтычныя зборнікі П. Панчанкі «Снежань» (1972), «Крык сойкі» (1976), «Вячэрні цягнік» (1977) насычаны непакоем, роздумам над глабальнымі праблемамі сучаснасці, над будучыняй чалавецтва. У іх гучыць гарачая любоў да роднай зямлі, да чалавека працы. З 1972 г. цалкам аддаецца творчай дзейнасці, спалучаючы яе з абавязкамі дэпутата Вярхоўнага Савета БССР. 
У 1973 г. Пімену Панчанка было нададзена ганаровае званне народнага паэта Беларусі.
У сваіх творах Пімен Панчанка — шчыры патрыёт Беларусі, нястомны змагар за захаванне прыроды, за культываванне ў грамадстве высокіх маральных ідэалаў, выкрывальнік партыйнай і ўрадавай бюракратыі. У яго вершах спалучаецца лірызм з публіцыстычным напалам. Пімен Панчанка становіцца адным з папулярных паэтаў у СССР і свету. Паэт і сам актыўна займаецца перакладам. Перакладаў на беларускую мову творы А. Міцкевіча, М. Нагнібеды, Я. Райніса, Ф. Шылера і інш. У 1981 г. за зборнік «Дзе начуе жаваранак?» Пімену Панчанку была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.
Другая палова 1980-х — пачатак 1990-х гг. былі ў жыцці паэта ці не самымі цяжкімі. Даймалі шматлікія хваробы.Найбольш мучыў душэўны боль. Настаў час падводзіць вынікі, і Пімен Панчанка пачынае бескампрамісны суд над самім сабою. У творчасці паэта ўзмацніліся публіцыстычнасць, палемічная вастрыня, сатырычны пафас. Вершы грамадзянскага гучання склалі зборнікі «І вера, і вернасць, і вечнасць» (1986), «Прылучэнне» (1987), «Горкі жолуд» (1988), «Неспакой» (1988), «Высокі бераг» (1993). Вялікі грамадзянскі рэзананс выклікала ў свой час «Паэма сораму і гневу». Пасля смерці паэта (2 красавіка 1995 г.) з друку выйшлі яго кнігі «Зямля ў мяне адна» (1996) і «Жытнёвы звон» (2002), у якіх сабраны творы розных гадоў. П. Панчанку належаць шматлікія публіцыстычныя артыкулы і эсэ, успаміны пра вядомых беларускіх пісьменнікаў і падзеі літаратурнага жыцця.
Паэт і публіцыст, крытык і перакладчык П. Панчанка шмат зрабіў для беларускай літаратуры, але асноўнае ў яго творчай спадчыне — яго вершы, якія былі выразнікамі дум і спадзяванняў эпохі, вершы, у якіх ніколі не было фальшы, але заўсёды адлюстроўвалася багатая гама чалавечых пачуццяў.
Імя П. Панчанкі носіць вуліца ў Мінску.

Сайт П.Панчанкі - http://panchanka.ru/

Комментариев нет:

Отправить комментарий