Анатоль Вялюгін "Спелы бор"

З усіх сабораў ёсць сабор,
дзе згодзен я маліцца;
у спелым леце, спелы бор,
звіняць твае званіцы.

У душным водары палян,
дзе маладосць хадзіла,
багун, дурнічнік, дурнап'ян
раздзьмулі ўсе кадзіла.

Стаяць палкі баравікоў,
дрыжыць басок чмяліны.
Глыбокі мох, на лісцях кроў
мядзведжае маліны.

Падсочак стрэлы на ствалах,
нібы крыжы пакуты.
Спяшаецца барсук-манах
у цёмны свой закутак...

На кожным кроку навіна,
і душна ад чабору,
і песню кожная сасна
свайму спявае бору.

Комментариев нет:

Отправить комментарий