Алесь Жук



Аляксандр Аляксандравіч Жук (1947) — беларускі пісьменнікперакладчык, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978), Літаратурнай прэміі Беларусі імя І. Мележа (1982) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1992).
Першая навела А. Жука “Яны жывуць…” была змешчана ў слуцкай газеце “Шлях Ільіча” толькі ў чэрвені 1965 года, акурат пасля заканчэння ім сярэдняй школы. Апавяданні «Сок манга», «Завулак», «Водсветы зорак», «Белы месяц», «Мужчыны», напісаныя ў студэнцкія гады, увайшлі ў яго першую кнігу «Асеннія халады» (1972). Гэта кніга вывела А. Жука ў перадавыя шэрагі беларускіх празаікаў, пра яго пачала пісаць усесаюзная крытыка. У 1970-1980-х з'явіліся арыгінальныя празаічныя зборнікі «Паляванне на старых азёрах» (1975), «Зоркі над палігонам» (1977, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978, зняты мастацкі фільм «Палігон» 1983), «Не забывай мяне» (1978), «Па саннай дарозе» (1979), «Паўстанак вяртання» (1981, Літаратурная прэмія імя І. Мележа 1982). У 1982 пабачыла свет кніга прозы «Паляванне на Апошняга Жураўля», па аднаіменнай аповесці ў тэатры імя Я. Купалы быў пастаўлены спектакль, а ў 1986 знята мастацкая кінастужка. У аповесці «Чорны павой» (1986) упершыню ў сваёй творчасці Алесь Жук звярнуўся да прыгодніцка-дэтэктыўнага жанру. Да самых значных твораў пісьменніка належыць аповесць «Праклятая любоў», што ўвайшла ў аднайменны зборнік (1991, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Коласа 1992). З новых твораў А. Жука, напісаных у апошнія гады, вылучаюцца апавяданні «Душа над чыстым полем» і «Партызан», а таксама «Сны пра маму».
А. Жук - адзін з самых цікавых сучасных беларускіх празаікаў, творы якога вызначаюцца тэматычнай разнастайнасцю, грунтуюцца на філасофскай і эстэтычнай аснове і з'яўляюцца роздумамі над жыццём, пісьменніка цікавіць прырода чалавечага шчасця, жыццёвыя праблемы і іх пераадоленне, асэнсаванне чалавекам самога сябе, адносіны да працы, да прыроды.

Комментариев нет:

Отправить комментарий