Анатоль Вялюгін

Вялюгін А.С. (1923 – 1994)

Анатоль Сцяпанавіч Вялюгін (1923 - 1994) - беларускі паэт, празаік, кінасцэнарыст, перакладчык. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1969).

Нарадзіўся 27 снежня 1923 года ў вёсцы Машканы Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і фельчара. Скончыў Мінскі педагагічны інстытут (1948). Працаваў у газетах «Чырвоная змена», «Звязда» (1939—1940), «Літаратура і мастацтва» (1945—1946), з 1946 года рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Полымя».

З першымі вершамі выступіў у друку ў 1938 годзе. Аўтар шэрагу паэтычных кніг. Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1973, 1984).

Па яго сцэнарыях пастаўлены мастацкі двухсерыйны тэлефільм «Рэха ў пушчы» (1977), мастацкі фільм «Глядзіце на траву» (1985) і 40 дакументальных фільмаў.

Выступаў і як перакладчык. У яго перакладзе на беларускую мову асобнымі выданнямі выйшлі М. Лермантаў «Каўказскі палоннік» і «Баярын Орша» (паэмы, 1950), Ю. Тувім «Падарунак дзецям» (1956, з С. Дзяргаем), Э. Межэлайціс «Паэма братэрства» (з М. Калачынскім, 1958), П. Варанько «Хлопчык Памагай» (1958), Д. Белавус «Птушыныя галасы» (1960), М. Нагнібеда «Званы Хатыні» (1973) і «Матулям з Расон» (1979). Пераклаў паасобныя вершы Ў. Маякоўскага, А. Міцкевіча, У. Бранеўскага і інш. Склаў зборнікі «Мы іх не забудзем» (1949), «Крывёю сэрца» (1967).

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1969). За паэму «Вецер з Волгі» ўдастоены звання лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1968) за кінасцэнарый «Генерал Пушча».

Комментариев нет:

Отправить комментарий