Я.Колас "Конь і сабака"

Свабодны конь гуляў на волі,
I хвост, і грыву распусціў,
Іржаннем ён сваім будзіў
I лес стары і чыста поле.

У бок прахожы стараніўся,
Яму дарогу уступаў.
Ад страху Рудзька прытуліўся
I толькі ціхенька брахаў.

Каня злавілі, прывязалі,
На вобруць, беднага, ўзялі.
Аборкай ногі абвілі
I борзды бег яго стрымалі.

З-за вугла вылазіць Рудзька.
— Гаў-гаў-гаў — давай брахаць.
За хвост каня кусае цюцька —
Ні адцягнуць, ні адагнаць!

Малыя дзеці тут гулялі,
Дзівілісь многа і казалі
(Па дурнаце не разабралі —
Дзіця малое, як ягня):

— А Рудзька дужшы за каня!

Комментариев нет:

Отправить комментарий