Аляксей Коршак "Кляновы ліст"


Паслана золата кляновае ўдалі...
I вось апошні ліст плыве агнёвы,
I лёг ля ног маіх на стомленай зямлі
Асенні ліст, апошні ліст кляновы.

Кляновы ліст, апошні гэты ліст
Я на далоні ўзяў, сухі, памяты.
Няхай жа вар'яцее ветру свіст,
Я прынясу яго сабе дахаты.

Я песню напішу пра гэты ліст.
Аб ім у сэрцы след нічым не сцерці.
Жыві ж, асенні ліст, кляновы ліст,
Жыві ж у песні, ў памяці, у сэрцы.

Вясна прамые неба сінявой,
I кожны расцвіце вакол закутак,
Тады з галінкі памяці маёй
Ты ападзеш, як нейкі ціхі смутак.

I ў сэрцы ты завянеш назаўжды,
Адзенецца жыццё зялёным лістам,
I толькі ў песні гэтай будзеш ты
Звінець заўсёды звонам залацістым.

Комментариев нет:

Отправить комментарий