Выказванні пра народную песню

Часта думаю:
Што, каб не матчына песня?
Чым бы дыхаў?
На холадзе чым саграваўся б?
Папрасімцам, напэўна,
Бадзяўся б па свеце.
Жабраком.
Між чужых і радні
Пабіраўся б.
А цяпер -
Валадар я нязлічаных скарбаў
І другім не зайздрошчу -
Прызнацца па праўдзе,
Ніхто не пачуе
Ні крыўды, ні скаргаў,
Што не кінуў нічога
Мне ў спадчыну прадзед.
Мне з табою, мой скарб,
На планеце не цесна:
Я з табой -
І вялікі,
І знатны,
І дужы.
Я хачу зберагчы цябе,
Матчына песня,
Каб запоўніць табою
Спусцелыя душы!
Я хачу
Пасяліць цябе ў сэрцах
Нашчадкаў,
Каб ніколі мяне
Папракнуць не змаглі
Каб было перад смерцю
Мне лёгка ад згадкі,
Што я жыў недарэмна
На роднай зямлі.
                         Н.Гілевіч

"Наша песня вылілася з сэрца, вуснаў і фантазіі ўсяго народа беларускага і дзеля таго называецца - народнай... Сэрцу нашаму песня дае пацеху, а дзеткам, слухаючым яе, - жывую навуку".
                                                                                                                                      Цётка

"Кожны народ мае свой асаблівы духоўны характар, які знаходзіць найбольшае адбіццё ў яго песнях... У песнях чуваць, аб чым народ сумуе і да чаго рвецца яго думка... Песня народа - гэта сапраўдная чалавечая душа"
                                                                                                                          Рыгор Шырма

Комментариев нет:

Отправить комментарий