Яўгенія Янішчыц

Картинки по запросу яўгенія янішчыц


Яўгенія Іосіфаўна Яні́шчыц (20 лістапада 1948, в. Рудка, Пінскі раён Брэсцкай вобласці — 25 лістапада 1988) — беларуская паэтэса, перакладчык.

Дзяцінства будучай паэтэсы прайшло на вёсцы. Вучылася Яўгенія Янішчыц спачатку ў Мерчыцкай васьмігодцы, 9—10 класы скончыла ў Парэцкай сярэдняй школе (Пінскі раён). У юнацкія гады пачала пісаць вершы. Самы першы твор прачытала на школьнай вечарыне, прысвечанай Я. Коласу. Вершы 17-гадовай дзяўчыны друкаваліся ў пінскай раённай газеце, у рэспубліканскіх газетах і часопісах.

У 1966, пасля заканчэння сярэдняй школы, Яўгенія Янішчыц паступіла на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. Стала дыпламантам беларускага фестывалю творчасці моладзі (1970).

У 1976 Яўгенія Янішчыц уладкавалася працаваць літкансультантам у «Сельскую газету». У 1981 Я. Янішчыц удзельнічала ў працы XXXVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. 5 сакавіка 1982 г. у «ЛіМе» была надрукаваная паэтычная нізка Я. Янішчыц «Спакойныя вершы», прысвечаная паездцы ў ЗША.

У 1983 яна становіцца загадчыкам аддзела паэзіі часопіса «Маладосць».

У яе жыцці былі перыяды творчага ўзлёту, прызнання і часы смутку, расчаравання. Цяжка і марудна Яўгенія Янішчыц папраўлялася пасля аварыі ў Магілёве ў 1976, калі атрымала мноства пераломаў і была надоўга прыкавана да бальнічнага ложка. Яна так і не здолела перамагчы фізічны боль і пакуты, што, у сваю чаргу, паўплывала на дэпрэсіўныя настроі ў апошнія гады жыцця. Па афіцыйнай версіі, паэтэса трагічна загінула.

Дэбютавала Я. Янішчыц у рэспубліканскім друку ў 1964 (вершы, часопіс «Бярозка»). Працавала паэтэса на творчай ніве актыўна і плённа. Яна — аўтар зборнікаў лірыкі «Снежныя грамніцы» (1970), «Дзень вечаровы» (1974), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983), «Каліна зімы» (1987). Выйшаў зборнік выбраных твораў «У шуме жытняга святла» (1988), у які вершы адбірала сама паэтэса. Яе паэзіі ўласцівы роздум пра жыццё, бацькоўскі край, гераічнае мінулае і сучаснасць, тэмы сяброўства, кахання, мацярынства.

З самага першага зборніка тэма роднага краю становіцца візіткай паэзіі Яўгеніі Янішчыц. Палессе, Велясніца — вобразы «малой радзімы» праходзяць праз усю яе творчасць. Ціхая беларуская вёска, навакольная прырода ўплывалі на абуджэнне таленту і фарміраванне светапогляду паэтэсы. Вёска з яе ўстойлівымі традыцыямі і ладам жыцця выклікала ўяўленне аб трываласці і надзейнасці абжытага свету.

Лірычны струмень вызначальны ў зборніках паэзіі, дзе адлюстраваўся свет пачуццяў чулай і ранімай душы. Чалавек, людзі, прырода, паводле паэтычнай філасофіі Я. Янішчыц, — галоўная і найвышэйшая каштоўнасць на зямлі. «Жывіце і любіце, // Свой беражыце дом», — такі духоўны запавет пакінула паэтэса.

Я. Янішчыц стварыла некалькі паэм. Справы вясковых працаўнікоў у паэме «Ягадны Хутар» (1980), якая вызначаецца спалучэннем верша і вершаванай прозы. У «Зорнай паэме» спалучаюцца лірычныя і публіцыстычныя інтанацыі.

Аўтар літаратурна-крытычных артыкулаў, рэцэнзій і інш. Перакладала на беларускую мову з рускай і ўкраінскай. Асобныя вершы Я. Янішчыц пакладзены на музыку.

У 2000 пабачыла свет кніга «Выбранае» (укладанне Алы Канапелькі і Валянціны Коўтун), дзе былі ўпершыню апублікаваны паэма «Галалёд» і апавяданні Яўгеніі Янішчыц.

Сайт Я.Янішчыц: http://yaugeniya.ru/


Читать полностью:  http://yaugeniya.ru/biyagrafiya-yaugenii-yanishchy

Комментариев нет:

Отправить комментарий